Вернасць служэнню людзям

– Кастусь Іванавіч, скажыце, якім апаратам лепш фатаграфаваць?
– А навошта гэта табе? – замест адказу сам запытайся ў свайго юнага субяседніка паважаны сярод журанлісцкай братвы фотакарэспандэнт сталічнай газеты. – Набыць апарат сабе хочаш, ці што? Аловак надакучыў?
– Надакучыць не надакучыў, аднак у жыцці бываюць такія моманты, якіх алоўкам не паспееш замаляваць. Доля секунды – і няма ўжо таго, што зачаравала. От тут-бы якраз і фотаапарат ў рукі… Дык якім усе-такі, скажыце? – настойваў юны мастак.
Кастусь Іванавіч памаўчаў крыху, перабіраючы ў руках нядаўна праяўленую пленку, потым сказаў у роздуме:
– Любым, браце, апаратам шэдэўры рабіць можна. Хто ўмее, той і ботам здымак зробіць. Тут не апарат, а вока – галоўнае. Астатняе само прыкладзецца.
…Гутарка гэтая адбылася, бадай, гадоў дваццаць назад, а не забылася, зноў прыгадалася, калі я спакваля хадзіў ад аднаго стэнда да другога выстаўцы фотаработ Зіновія Шегельмана, якая адкрылася нядаўна ў Магілеўскім гарадскім Доме культуры. Прыгадалася таму, што амаль усе, што выстаўлена тут, зроблена самым звычаўным “Зенітам”, апаратам простым, шырспажыўскім.
Да гэтага трэба дадаць і тую акалічнасць, што аўтар персанальнай выстаўкі – чалавек, для якога фатаграфія не спецыяльнасць (па прафесіі ен урач-хірург), а аматарства – тая менавіта справа, якой ен можа выдзеліць толькі вольны ад асноўнага занятку час.
Вернісаж фотаработ аднаго аўтара, скажам прама, падзея для Магілева адметная. Таму і цікавасць да выстаўкі надзвычай вялікая. Сюды прыходзяць і у адзіночку і групамі, моладзь і людзі сталага ўзросту, магіляўчане і госці нашага абласнога цэнтра. І ніхто з іх не пакідае выставачную залу ў расчараванні. Наадварот, з кожным днем усе больш і больш у кнізе водгукаў, шчырых слоў удзячнасці.
За што ж дзякуюць людзі?
Дзякуюць у першаю чаргу за тое, што сваімі работамі аўтар наглядна паказаў, колькі прыгожага можна знайсці ў акаляючай паўсядзеннасці, калі пільней прыгледзецца да жыцця.
Вось, здавалася б, зусім звычайная з’ява летняй пары: пышна расквітнела канюшына і па-над ею ў легкім палеце снуюць белакрылыя матылькі. Такое бачылі усе і не адзін раз. Але вобраз гэты, падвартаваны ў прыродзе Зіновіем шегельманам і паказаны гледачу, набывае новую вартасць. Асабліва цяпер, у слякатныя дні восені, ен будзіць у сэрцы цеплы успамін аб мінулым леце, нараджае крышку шчымлівы сум аб тым, што не паспеў налюбавацца усім тым багаццем, якое шчодра рассыпала па зямлі прырода летнімі месяцамі.
Удалых фотаздымкаў, прысвечаных, калі можна так сказаць, чыстай прыродзе, на выстаўцы нямала. Гэта “Лілеі” і “У палеце”, “Жабіна сажалка” і “Ранні снег”, “Сакавік” і “Вуліца старой Машэкаўкі”. Аднак не яны вызначаюць галоўнае ў творчасці Шегельмана. Перш за ўсе цікавіць яго чалавек. Праз яго, чалавека, паказвае нам аўтар і прыроду (“На возеры Глыбокім”, “Дзікуны”, “Ля Чорнага мора”), і горад (“Ленінградская серыя”, “Серыя 2х2”, “Кампазіцыя”), і працу (цыкл здымкаў аб буднях урачоў-хірургаў), і адпачынак (“У свеце прыгожага”, “Алеі старого парку”). Літаральна ад першай мінуты паяўлення на свет (“Нараджэнне”) і да дзен глыбокай старасці (“Рукі”, “Адзінота”) праводзіць ен сваіх герояў. І на гэтай доўгай чалавечай дарозе аўтар спыняецца заўжды на тых момантах, якія найбольш глыбока характарызуюць людскую дабрату, шчодрасць іх сэрцаў, вышыню іх душэўных імкненняў.
Асаблівай выразнасці дасягае Зіновій Шегельман у партрэтах. І ў вялікай галерэі іх (“Зіна”, “Санька”, “Святлана”, “Аленка”, “Хірург Селіцкі” і інш.) найбольш выдзяляецца партрэт урача Генрыха Перцава. Нічога лішняга няма у гэтай рабоце: скупы прамень святла выхоплівае з паўзмроку твар маладога чалавека, акаймаваны мяккай бародкай, па-рэмбрантаўску прыгожа і трапна падкрэслівае кожную рысу. Унутраны ж змест чалавека перададзеныпраз заклапочаныя вочы партрэтуемага. Глядзіш у іх і хочацца самому пранікнуць у кола думак гэтага чалавека, даведацца, што непакіць яго, над чым так занята, так напружана задумаўся ен.
Зіновій Шегельман – натура няўрымслівая, творчая. Ен не заспакойваецца на дасягнутым, ен у бясконцых штодзенных пошуках. І гэта асабліва наглядна можна прасачыць на самой выстаўцы. Калі на пачатку свайго творчага шляху яго цікавілі найбольш светавыя эфекты (россып салютных агнеў, дзівосныя спляценні святла вулічных ліхтароў і фар мільгаючых па начному гораду аўтамабіляў), то апошнім часам Зіновій Шегельман усе больш і больш прыбягае да эксперыментаў над самой тэхнікай выканання задуманнай работы. Друкаванне з неаднаразова кантратыпаваных негатываў, невялікія зрухі фотапаперы пры друкаванні. Або спалучэнне негатыва і матавага шкла дазваляюць аўтару дасягнуць тых эфектаў, якія набліжаюць фатаграфію датакога віду мастацкай графікі, як акватынта (“Аленка” і “У палеце”), або ствараюць ілюзорнасць чаканкі па металу (дзве работы, прысвечаныя асенняму парку). Пільнае вока, зайздроснае ўменне адабраць з багацця жыццевых праяў самае вартае, самае цікавае, творчы падыход да фатаграфічнай тэхнікі – усе гэта ўласціва Зіновію Шегельману і вылучае яго сярод іншых фотааматараў Магілеўшчыны. Х творамі яго цікава і карысна пазнаеміцца кожнаму.
… Кажуць, у даўнія часы маладыя медыкі старажытнай Элады перад тым, як пайсці на самастойную працу, прымалі клятву на вернасць служэння людзям. Не ведаю, ці прымаў Зіновій Шегельман клятву Гіпакрата, пакідаючы сцены медыцынскага інстытута, аднак справамі сваімі і ў хірургічным аддзяленні абласной бальніцы, і ў гарадскім Палацы піянераў, дзе займаецца з юнымі фотааматарамі, і, нарэшце, выстаўкай сваей ен верна і аддана служыць людзям.

А.Кандрусевіч
Магілеўская праўда №211, 25 кастрычніка 1973 г.